Пра наш музей

Пастаўскі раённы краязнаўчы музей заснаваны ў 1974 годзе. У аснову яго экспанатаў лягла калекцыя прадметаў, сабраных настаўнікам гісторыі гарадской сярэдняй школы №1 Мікалаем Дзмітрыевічам Лукічовым. Музей размяшчаецца ў будынку, які з’яўляецца помнікам архітэктуры 18 стагоддзя, пабудаваным графам Антоніем Тызенгаўзам, у складзе першай у Беларусі ансамблевай архітэктурнай забудовы Рынкавай плошчы па праекце італьянскага архітэктара Джузэпэ дэ Сака.
Сваіх першых наведвальнікаў музей прыняў праз два гады – 26 лютага 1976 года. У той час установу ўзначальваў Віктар Канстанцінавіч Стахоўскі, чалавек, які самазабыўна любіў Беларусь. Ён, а таксама іншыя дырэктары, навуковыя супрацоўнікі і мастакі-афарміцелі Яўген Януш, Іван Катовіч і Іосіф Атрахімовіч прыклалі нямала намаганняў для станаўлення і развіцця музея. Сёння мы з удзячнасцю ўспамінаем кожнага з іх.
У розны час кіраўнікамі музея былі Старунова Людміла Паўлаўна, Шчукіна Таццяна Якаўлеўна, Валетка Елізавета Ціханаўна, Селядцова Марына Анатольеўна. З 2006 года дырэктарам музея з'яўляецца Курачэнка Раіса Леанідаўна.
У пачатку 90-х гадоў пад кіраўніцтвам Лізаветы Ціханаўны Валетка, якая ўзначальвала музей на працягу чвэрці стагоддзя, была ажыццеўлена рэканструкцыя ўстановы. Адкрылася новая экспазіцыя, якую аформіў мастак Віктар Герасімавіч Дзядзенка. Яна дзейнічае і па сённяшні дзень і ўражвае сваёй цеплынёй, адпаведнасцю рэчаіснасці і прыгажосцю, што адзначаюць шматлікія госці. Сёння ў музеі захоўваецца больш за 16 тысяч прадметаў. А дзевяць гадоў таму ўстанова набыла статус юрыдычнай асобы і права на ліцэнзійную дзейнасць з каштоўнымі металамі і зброяй.
Што да асноўных функцый музея, то гэта збор, захоўванне, вывучэнне, экспанаванне і папулярызацыя матэрыяльных сведчанняў пра чалавека і навакольны свет.
Ва ўсім свеце вялікую папулярнасць набывае інтэрактыўны турызм. Наш музей таксама не застаўся ў баку ад сучасных тэндэнцый – навуковым супрацоўнікам Вадзімам Шышко распрацаваны турыстычны маршрут “Па слядах Першай сусветнай вайны”.
14 чэрвеня 2014 года ў рамках Міжнароднага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік” у райцэнтры адкрыўся яшчэ адзін музей. Ён размясціўся ў падвальных памяшканнях палаца Тызенгаўзаў і стаў адной са славутасцей горада.
Адкрыццю музейных экспазіцый папярэднічала напружаная, але ў той жа час цікавая двухгадовая навукова-даследчая работа, якая значна ўмацавала сяброўскія і партнёрскія сувязі паміж супрацоўнікамі Пастаўскага раённага выканаўчага камітэта, Рокішкскага самакіравання, музеяў двух гарадоў.
– З’яўленне музея – у першую чаргу заслуга былога намесніка старшыні райвыканкама А.Э. Кейзік, якая курыравала рэалізацыю праекта, – успамінае дырэктар раённага музея Р.Л. Курачэнка. – Затым з не меньшым энтузіязмам яе плённую працу працягнуў Ю.М. Кісялёў, які змяніў А.Э. Кейзік на гэтай пасадзе. А агульнымі намаганнямі ўсіх удзельнікаў праекта ўдалося дасягнуць галоўнай мэты – узмацнення міжкультурнага дыялогу і павышэння турыстычнай прывабнасці двух раёнаў на аснове агульнай гістарычнай спадчыны, звязанай з родам Тызенгаўзаў.
У цяперашні час музей у абодвух будынках мае аддзелы прыроды, гісторыі, этнаграфічную экспазіцыю інтэр'ера сялянскай хаты 30-40-х гадоў 20 ст., афіцэрскай кавалерыйскай школы і Першай сусветнай вайны, арніталагічную майстэрню і кабінет Канстанціна Тызенгаўза, якія распавядаюць аб прыроднай, гістарычнай і культурнай своеасаблівасці Пастаўшчыны. У аддзеле прыроды маецца добрае архітэктурна-мастацкае рашэнне агульнай экспазіцыі. Яна выканана ў выглядзе дыярам і ўяўляе сабой невялікія вокны ў свет прыроды Пастаўшчыны, яе разнастайнасці і непаўторнасці. У залах аддзела прыроды размешчаны тэксты, у якіх распавядаецца аб правілах паводзін у лесе. Тут можна пазнаёміцца з раслінным і жывёльным светам Пастаўшчыны, дзякуючы шматлікім пудзілам птушак і звяроў, калекцыям казурак, гербарыям. Прадстаўлена вялікая мінералагічная калекцыя. У аддзеле гісторыі экспазіцыя адкрываецца на першым паверсе стэндамі, якія змяшчаюць багатыя археалагічныя знаходкі 3-га - 2-га тыс. да н. э. – І тыс. н. э. Жалезныя скрабкі, нажы, шылы, каменныя і жалезныя сякеры, фрагменты глінянага посуду. Асаблівую цікавасць выклікаюць знойдзеныя паблізу г.п. Лынтупы Пастаўскага раёна косткі маманта. Ва ўтульнай зале гісторыі можна пазнаёміцца з археалагічнымі знаходкамі Пастаўшчыны 16-18 стст. Асаблівым рарытэтам з'яўляецца татарская вайсковая прылада - каменная баба 700-гадовай даўніны. Аб часе, калі Пастаўшчына ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, распавядаюць старадаўнія мапы, гравюры, посуд, старадаўнія кнігі, прадметы палацавага інтэр'еру і побыту. Асаблівае месца адведзена графам роду Тызенгаўзаў, якія валодалі Паставамі ў XVIII-XIX стст.
Значнае месца адведзена знакамітым людзям, якія праславілі сваю зямлю ў дарэвалюцыйны час: А. Гурыновіч, К. Сваяк, А. Ромэр і інш, экспануюцца копіі і арыгіналы прадметаў гэтага перыяду, грашовыя папяровыя знакі царскай Расіі. Адлюстраваны ў экспазіцыі і падзеі Першай сусветнай вайны, Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Асобны раздзел прысвечаны польскаму перыяду гісторыі Пастаўшчыны з 1921 па 1939 гады. Аб палітычных рэпрэсіях на Пастаўшчыне савецкага часу распавядаюць матэрыялы крымінальных спраў, фатаграфіі абвінаваўчых прысудаў, лісты сваякоў рэпрэсаваных да Сталіна, фатаграфіі, дакументы. У фондах музея можна азнаёміцца са скарбам нідэрландскіх талераў і ортаў 17 ст., солідамі Вялікага Княства Літоўскага, вырабамі з лазы і саломы, медным посудам, керамікай і многімі іншымі цікавымі музейнымі прадметамі. У экспазіцыях палаца Тызенгаўза можна падрабязна пазнаёміцца з навуковай дзейнасцю Канстанціна Тызенгаўза ў яго арніталагічнай майстэрні і працоўным кабінеце. У наступнай экспазіцыі прадстаўлены цікавыя матэрыялы і экспанаты пра Санкт-Пецярбургскую афіцэрскую кавалерыйскую школу пад кіраваннем генерала Брусілава, якая базавалася ў маёнтку Паставы ў 1900-1914 гг. Самыя ўнікальны экспанат - габелен «Віленскі лес» ручной працы 18-20 стст. з Паляўнічага замка. Маецца кароткі відэазапіс аб гэтай школе, зняты аж у 1908 годзе. У наступных чатырох экспазіцыях вельмі падрабязна разглядаецца перыяд Першай сусветнай вайны на Пастаўшчыне, бо, у адрозненне ад Другой сусветнай, падчас Першай сусветнай фронт стаяў у самім горадзе аж 2,5 гады.
Узровень экспазіцый адпавядае сучасным патрабаванням, пакідае незабыўнае ўражанне. Гэта адзначаюць шматлікія наведвальнікі музея, якія пакінулі свае запісы ў кнізе водгукаў і прапаноў.
– Работа над праектам была ўнікальнай, цікавай, выніковай, – адзначае намеснік старшыні райвыканкама Ю.М. Кісялёў. – Атрымалася выканаць велізарны аб’ём будаўніча-мантажных работ, з непрыдатных памяшканняў стварыць сучасныя выставачныя залы і адкрыць музейныя экспазіцыі. Вялікая заслуга ў гэтым галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы У.М. Чакавага, намаганнямі якога быў заваханы гістарычны аб’ект, музейных работнікаў, навукоўцаў, краязнаўцаў і іншых энтузіястаў.
Музейныя экспазіцыі ў падвальных памяшканнях палаца Тызенгаўзаў створаны ў рамках сумеснага літоўска-беларускага праекта “Заахвочванне турызму па абодва бакі граніцы Літвы і Беларусі з мэтай павышэння датупнасці і прывабнасці культурна-гістарычнай спадчыны ў Рокішкскім і Пастаўскім раёнах”. Асноўныя сродкі на яго рэалізацыю выдзеліў Еўрасаюз. Таксама ў рамках праекта праведзены дзве міжнародныя экспедыцыі па Літве і Беларусі, падчас якіх сабраны найбагацейшы гістарычны матэрыял і розныя экспанаты для дзеючых экспазіцый у нашым і Рокішкскім музеях. Па выніках экспедыцый праведзена канферэнцыя, распрацаваны новы турыстычны маршрут. Таксама вызначана перспектыва развіцця праекта, якая прадугледжвае поўны пераход палаца ў распараджэнне музея.
Музей актыўна праводзіць выставачную дзейнасць як з уласных фондаў, так і фондаў іншых музеяў і прыватных калекцый. Супрацоўнікі музея прымаюць удзел у рэгіянальных і міжнародных канферэнцыях. Вывучаюцца помнікі гісторыка-культурнай спадчыны. Даследуюцца разнастайныя матэрыялы па гісторыі Пастаўшчыны. Увесь час збіраюцца і камплектуюцца фонды. Штогод музей удзельнічае ў міжнародным фестывалі народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік", які прымае знаўцаў і аматараў народнай музыкі не толькі з блізкага, але і далёкага замежжа, папулярызуючы гісторыю развіцця музычнай творчасці Пастаўскага краю. Вынікам удзелу музея ў гэтым фестывалі стала створаная экспазіцыя “Музычная культура Пастаўшчыны”.
Запрашаем наведаць музей, узбагаціцца інфармацыйна, духоўна, адпачыць і ўсцешыцца.